Юрый Захаранка

47 гадоў
Забіты 16.08.2020

Біяграфія

Былы кіраўнік МУС Беларусі Юрый Захаранка 7 траўня 1999 года быў выкрадзены ў цэнтры Мінска і забіты. На той момант яму было 47 гадоў.

Пасля вызвалення з пасады міністра ўнутраных спраў Юрый Захаранка адкрыта крытыкаваў асобу і палітыку Аляксандра Лукашэнкі. Ён патрабаваў прыцягнення кіраўніка дзяржавы да адказнасці, у тым ліку і за падзеі ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года, за жорсткія дзеянні міліцыі ў адносінах да ўдзельнікаў «Чарнобыльскага шляху» 26 красавіка 1996 года.

Пасля рэферэндуму 1996 года, які Юрый Захаранка называў дзяржаўным пераваротам, што вядзе да фашызму, былы міністр стаў актыўным чальцом апазіцыі.

У красавіку 1997 года праз недзяржаўную прэсу Захаранка заявіў пра ініцыятыву распачаць крымінальныя справы супраць Шэймана, Агальца, Сівакова і Бародзіча.

Юрый Захаранка знік пры нявысветленых абставінах 7 траўня 1999 года ў цэнтры Мінска. Паводле сведчання колішняга начальніка СІЗА № 1 Алега Алкаева, Юрый Захаранка быў выкрадзены і расстраляны паводле загаду асоб, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі.

Следчым дзякуючы сведкам удалося ўстанавіць, што Юрыя Захаранку схапілі прыкладна 8 брытагаловых мужчын да 30 гадоў і запіхнулі ў «Жыгулі».
Паводле слоў былога следчага пракуратуры Алега Волчака, дыктафонны запіс паказанняў сведак быў прадастаўлены ў пракуратуру, аднак ніякага расследавання праведзена так і не было.

Праз 20 гадоў пасля знікнення экс-кіраўніка МУС Беларусі Захаранкі яго дачка Алена Захаранка сустрэлася з удзельнікам забойства палітыка — былым байцом САХРа Гараўскім, каб даведацца дэталі аб смерці бацькі.

За некалькі тыдняў да гэтай сустрэчы Юрый Гараўскі, экс-баец спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) унутраных войскаў МУС Беларусі, прызнаўся DW, што ўдзельнічаў у выкраданні і забойстве бацькі Алены, былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, а таксама экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага.

Гараўскі на сустрэчы распавёў: вось так Захаранку схапілі, ззаду зашпілілі кайданкі, пасадзілі ў машыну галавой уніз паміж сядзеннямі. Моўчкі выехалі за горад – гучала радыё. Дасталі з машыны, паклалі на зямлю, заснавальнік САХРа Дзмітрый Паўлічэнка двойчы ў яго стрэліў. Пагрузілі ў багажнік на ўжо падрыхтаваную цырату, адвезлі ў крэматорый, спалілі.

Рэзананснае інтэрв'ю Гараўскага стала падставай для журналісцкага расследавання наконт расійскага следу ў дзейнасці "эскадронаў смерці", якое зрабіў журналіст «Новага Часу», а цяпер палітвязень Дзяніс Івашын.