Каб спыніць дэманстрантаў, акупацыйныя войскі 11 жніўня 2020 года адкрылі па іх агонь на паражэнне. Адзін чалавек быў цяжка паранены. 44-гадовы Генадзь Шутаў атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву 11 жніўня ў раёне адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста падчас разгону масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
Сваякі двое сутак не маглі знайсці Генадзя.
13 жніўня ён у цяжкім стане быў пераведзены на лекаваньне зь Берасьцейскай абласной лякарні хуткай мэдычнай дапамогі ў шпіталь Міністэрства абароны. Вечарам 18 жніўня наступіла рэзкае пагаршэньне стану, і нягледзячы на ўсе высілкі лекараў, выратаваць Генадзя не ўдалося. Дата смерці 19 жніўня.
«У бацьку стралялі са сьпіны ва ўпор, чалавек, які страляў, быў ззаду яго. Быў вельмі моцна пашкоджаны галаўны мозг, моцны крывацёк, раздрабненьне костак», — кажа дачка Наста.
Пахавалі Генадзя 24 жніўня у Жабінцы. У яго засталося пяцёра дзяцей.
Родныя атрымалі адказ ад Цэнтральнага апарата Следчага камітэта:
"Прававая ацэнка дзеянняў асоб, якія маюць дачыненне да прычынення цялесных пашкоджанняў Шутава, будзе дадзеная падчас расследавання крымінальнай справы. У цяперашні час дастатковых падстаў для завядзення крымінальнай справы па арт. 139 КК (Забойства) няма"
16 лютага 2021 году у Берасьці пачаўся суд у справе Генадзя Шутава, які загінуў падчас жнівеньскіх пратэстаў.
У залю суду прыйшлі таксама пацярпелыя — вайскоўцы часткі № 89417 (Сілы спэцыяльных апэрацый) у Мар’інай Горцы капітан Раман Гаўрылаў і Галіцын.
Паводле матэрыялаў справы, менавіта ад стрэлу Рамана Гаўрылава загінуў Генадзь Шутаў.
Капітан Раман Гаўрылаў прызнаўся, што менавіта ён смяротна параніў берасцейца Генадзя Шутава. Гэта адбылося на судзе па справе сябра Шутава – Аляксандра Кардзюкова, якога вінавацяць у замаху на забойства сілавіка.
Гаўрылаў - афіцэр армейскага спецназу, якога накіравалі для дапамогі брэсцкаму АМАПу.
Гаўрылаў нібыта спрабаваў страляць "у вобласць левага перадплечча". Аднак ад таго, што "не змог сканцэнтравацца пасля ўдару па галаве", трапіў Шутаву ў патыліцу.
25 лютага у Брэсце вынесены прысуд Аляксандру Кардзюкову — 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
Самому Шутаву вынесены абвінаваўчы прысуд без прызначэння пакарання.