19 верасня 2020 года працоўны Мінскага электратэхнічнага завода імя Казлова Станіслаў Чур, скончыў жыццё самагубствам падчас абедзенага перапынку. Калегі звязалі суіцыд з ціскам, які на рабочага аказвала кіраўніцтва завода.
Станіслаў працаваў зборшчыкам на заводзе, займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю. Па словах калег, ён хадзіў на ўсе мітынгі і пратэстныя акцыі, а таксама браў удзел у спробе страйку на тэрыторыі завода.
Здавалася, што вось-вось здарыцца страйк у агульнанацыянальным маштабе. На некалькіх прадпрыемствах і сапраўды спыніліся цэхі. Зрэшты, уладам удалося збіць пратэстную хвалю - яны пагражалі, запалохвалі, абяцалі матэрыяльныя даброты. Адным з спосабаў ціску на нязгодных сталі звальненні.
Станіслаў Чур, як адзін з актывістаў завода, апынуўся пад ударам. Як кажуць сведкі, у дзень смерці ён меў размову з начальствам, падчас якой здаў інструменты. Больш жывым яго не бачылі.
У Станіслава Чура засталіся жонка і непаўналетні сын.