Уначы 16 жніўня “Рэно” наехаў на Партызанскім праспекце на юнака (19 гадоў), што знаходзіўся на праезнай частцы. Пра смерць маладога хлопца паведамілі ў МУС: “загінуў удзельнік масавых мерапрыемстваў, якія праходзяць апошнімі днямі”.
Вядома, што загінулага звалі Арцём Парукоў. Ён быў актыўным фанатам мінскага “Дынама” – сябры па руху прысвяцілі яму некалькі допісаў у сацсетках. Пры гэтым яны адмаўляюць, што смерць хлопца мае хоць якую сувязь з пратэстамі.
Яго сваякі ня ведаюць, ці сапраўды ён удзельнічаў у масавых акцыях у той дзень. Яны не вераць у версію смерці хлопца, якую агучыла міліцыя.
"У той момант Арцём дакладна ні ў чым не ўдзельнічаў, а проста ішоў дадому, — распавядае стрыечная сястра загінулага хлопца. — Але чамусьці — мы не разумеем, чаму — яму спатрэбілася перабегчы з таго боку вуліцы, на якім знаходзіцца наш дом, на іншы бок. Пешаходны пераход зусім побач — чаму ён не пайшоў па ім? Мы думаем, што ён трапіў пад машыну, спрабуючы ад некага ўцячы".
Па версіі міліцыі, кіроўца VW заўважыў Парукава, які ішоў па праезнай часці Партызанскага праспекта, і папярэдзіў яго. Але хлопец не адрэагаваў і неўзабаве трапіў пад "Рэно".
Невядома, ці пакаралі кіроўцу, які зьбіў насьмерць чалавека.